Лаўрышава. Успенская царква
2008.05
Гістарычны агляд:

У паўднёвай частцы вёскі. Пабудавана ў 1798 г. з дрэва як уніяцкая. У канцы 19 ст. перабудавана пад праваслаўную.

   Аб узнікненні тут аднаго з найбольш старажытных праваслаўных манастыроў Беларусі апавядае «Хроніка Быхаўца». Узнік каля 1265 (1260?) г. па фундацыі князя Войшалка (у манастве Лаўрыш, сын Міндошга), які некаторы час жыў у ім. Паводле царкоўнага падання, заснавальнікам мужчынскага манастыра каля 1225 г. лічыцца яго першы настаяцель архімандрыт прападобны Елісей Лаўрышаўскі (у 1996 яму адкрыты помнік). У 14 — 15 ст. манастыр атрымаў вялікія ахвяраванні ад Хадкевічаў, Храптовічаў, мясцовай шляхты. У 16 ст. пры манастыры працавала праваслаўная школа. Пасля 1568 г. архімандрытам манастыра быў галава праваслаўнай царквы ў Вялікім княстве Літоўскім мітрапаліт Анісіфар, які тут і памёр. У 1596 (1600?) г. манастыр стаў уніяцкім, з 1615 г. належаў базыльянам. У 1621 г. і 1623 г. тут праходзілі базыльянскія кангрэгацыі з удзелам вышэйшай іерархіі ордэна. Манастыр збяднеў і заняпаў у 2-й палавіне 17 ст. ў сувязі са скасаваннем мітрапалітам І. Руцкім лаўрышаўскай архімандрыі, секвестрацыяй свецкіх ахвяраванняў і падпарадкаваннем навагрудскаму манастыру '. У канцы 18 — 1-й трэці 19 ст. тут дзейнічала Брэсцкая епархіяльная уніяцкая семінарыя, была бібліятэка (каля 500 тамоў) і архіў. Манастыр адбудаваны ў 1775 — 80 гг.; складаецца з царквы, кляштара, званіцы, мураванага будынка бібліятэкі. У 1816 г. манастыр валодаў 3 вёскамі (Лаўрышаў, Лычыцы, Купінск) з 18 валокамі зямлі і 588 сялянамі. У 1824 г. ў манастыры было ўсяго 5 манахаў. Скасаваны ў 1834 — 36 гг., будынкі не захаваліся. Штогод у 10-ю пятніцу пасля Пасхі адбываецца прыходская ўрачыстасць, набажэння прападобнаму Елісею з хрэсным ходам.

  Манастыр у 13 ст. быў адным з цэнтраў летапісання Беларусі. Каля 1329 г. ў ім была створана выдатная рукапісная ілюстраваная кніга Лаўрышаўскае Евангелле» (знаходзіцца ў Нацыянальным музеі Чартарыйскіх у Кракаве). Царкоўнаславянскі тэкст рукапісу займае 374 старонкі, мае 18 малюнкаў, для выдзялення вялікіх літар выкарыстаны чырвоныя і зялёныя фарбы. Высокамастацкім творам з'яўляецца пераплёт кнігі, аздоблены бірузой, рубінамі, ізумрудамі, у цэнтры — сярэбраная пласціна з відарысам заступніка воінаў святога Дзмітрыя Салунскага ў даспехах са шчытом і кап'ём. У 15 ст. ў манастыры быў складзены рукапісны помнік-дакумент «Абмежаванне спрэчных земляў Лаўрышаўскага манастыра па загадзе Вітаўта», у якім адзначаецца шкода, якую людзі вялікага князя чынілі манастырскім землям пракладкай цераз іх дарогі для перавозкі з лесу дроў. Верагодна, у манастыры пад кіраўніцтвам дыякана Яна Забярэзінскага быў перапісаны збор чытанняў на ўвесь год па месяцах «Пралог».

   Царква - помнік народнага дойлідства. Выражана прамавугольным зрубам і працяглай 5-граннай апсідай, над якой 2-схільны дах пры дапамозе трохвугольных застрэшкаў пераходзіць у гранёнае вальмавае пакрыццё з цыбулепадобнай галоўкай на барабане ў завяршэнні. Дах над галоўным фасадам мае 2-ярусную (васьмярык на чацверыку) званіцу, шацёр якой завершаны цыбулепадобнай галоўкай. Да асноўнага аб'ёму па баках далучаны квадратныя ў плане прыдзелы, аб'яднаныя з апсідай больш нізкімі бакавымі рызніцамі. Уваход праз невысокі прамавугольны прытвор пад 2-схільным дахам. Гарызантальна ашаляваныя фасады прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі, расчлянёны брусамі-сцяжкамі ў прасценках.

   У малітоўную залу выступаюць хоры, падтрыманыя 2 гранёнымі слупамі і агароджаныя балюстрадным парапетам. Асабліва шануецца абраз «Прападобны Елісей Лаўрышаўскі».

 ' Беларускі праваслаўны каляндар. 1997. Мн., 1996. С. 109; Живописная Россия. Мн., 1994. С. 374.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.