Люшнева. Успенская царква
2007.06 Фота Арабея В.
Гістарычны агляд:

У цэнтры вёскі. Пабудавана ў 1865 г. з цэглы. Папярэдні храм са званіцай адзначаны ў інвентары 1599 г. Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Будынак сіметрычнай падоўжна-восевай кампазіцыі: 2-ярусная чацверыковая званіца, прамавугольная ў плане трапезная, кубападобная малітоўная зала, апсіда. Двухсхільны дах і гранёны сферычны купал званіцы завершаны цыбулепадобнымі галоўкамі на гранёных барабанах. Фасады прарэзаны парнымі і адзінарнымі арачнымі аконнымі праёмамі, дэкараваны прафіляванымі ліштвамі і акаймаваны руставанымі імпастамі. Галоўны ўваход вылучаны арачным прафіляваным парталам. Аб'ём храма акаймаваны карнізам і цягамі простага профілю. Кулагін, А.М. Праваслаўныя храмы Беларусі : Энцыкл. давед / А.М. Кулагін. – Мінск : "Беларус.Энцыкл."ім.П.Броўкі, 2007. – С.234–235.

У выданні “Гродненский православно-церковный календарь. Православие в Брестско-Гродненской земле в конце XIX века” згадваецца мураваная царква з мураванай званіцай, абнесеная драўлянай агароджай, пастаўленая ў в. Люшнева на сродкі ўрада і вернікаў. Пры царкве было заснавана царкоўна-прыходскае папячыцельства, працавалі дзве царкоўныя школы ў Перхавічах і Серабрышчы з 43 навучэнцамі хлопчыкамі і два народных вучылішча ў Звяроўшчыне і Люшневе з 119 навучэнцамі хлопчыкамі і 15 дзяўчынкамі. Настаяцелем храма быў Іосіф Радзевіч, рукапаложаны 21 чэрвеня 1881 года.

У склад прыхода ўваходзілі вёскі Люшнева, Дукрова, Замосцце, Звяроўшчына, Іванкавічы, Перхавічы, Серабрышча, Скародзінцы, Серкі, Цюхневічы. Да царквы належала 1294 прыхаджан мужчын і 1299 жанчын, а разам 2593 чалавекі.

Памятныя кніжкі Гродзенскай губерніі захавалі нам імёны яшчэ некаторых настаяцеляў Свята-Успенскай царквы вёскі Люшнева: Мікалай Герэміновіч (1882), Іосіф Радзевіч (1887-1897), Мікалай Краснікаў (1902), Васіль Бегалловіч (1906), Уладзімір Афонскі (1906-1915) (даты пададзены па гадах выхаду Памятных кніжак Гродзенскай губерніі).

 Праваслаўныя храмы Беларусі / А.М. Кулагін, З.Э. Герасімовіч, У.П. Свентахоўскі. - Мн., БелЭн, 2007. – стар. 234-235.

Гродненский православно-церковный календарь. Православие в Брестско-Гродненской земле в конце XIX века, издание второе, Воронеж 1899г.

Памятныя кніжкі Гродзенскай губерніі на 1866, 1867, 1869, 1874, 1877, 1882, 1887, 1890, 1892, 1896, 1897, 1902, 1904, 1906, 1908, 1909, 1912, 1915 гады.