Жыровічы. Успенскі сабор
2005.08 Фота: Жураўкін Дз.
Гістарычны агляд:

Успенскі сабор закладзены як галоўны храм манастыра базыльян у 1613 годзе (закончаны ў 1650). Мураваная 3-нефавая крыжова-купальная базіліка (даўжыня больш за 55 м, вышыня каля 40 м) з паўкруглай апсідай. З паўночнага і паўднёвага бакоў да сабора прымыкаюць 3 цёплыя прыдзелы Пакрова Прасвятой Маці Боскай, Раства Іаана Хрысціцеля і святога Цудатворца Мікалая. Спачатку сабор пабудаваны ў стылі барока з 2-вежавым галоўным фасадам. Пасля рэканструкцыі 1828 года храм набыў рысы класіцызму: вежы разабраны, зменена форма светлавога барабана і купала, у дэкоры выкарыстаны дарычны ордэр (4–калонны порцік з 3-вугольным франтонам, фрых з трыгліфамі). Інтэр’ер сабора захаваў барочны характар. Прастора трансепта павялічана кесаніраваным купалам паўночнага крыла і скляпеннем на ветразях паўднёвага. 2-светлавы цэнтральны неф асветлены арачнымі вокнамі, аддзелены высокімі аркадамі і перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі, апяразаны шырокапрафіляваным і інтэнсіўна крапаваным карнізным поясам. Скляпенні ўпрыгожаны стукавым арнаментам, іх падпружныя аркі – фрэскавымі філёнкамі ў стылі ракако. Манументальная конха апсіды прарэзана люнетамі і запоўнена фрэскай “Спас Пантакратар”, на сцяне апсіды захаваўся ляпны каталіцкі алтар у стылі ракако. Авальны цэнтральны купал пры дапамозе ветразяў падтрымліваюць масіўныя слупы крыжовага сячэння. У паўночна-заходняй частцы храма на манументальнай 3-пралётнай аркадзе размешчаны шырокія хоры, парапет якіх дэкарыраваны дарычным фрызам. Пад апсідай размешчана крыпта з цыліндрычным скляпеннем. Галоўны дэкаратыўны элемент інтэр’ера – драўляны разны 3-ярусны іканастас у стылі барока (ракавіны, гірлянды, херувімы, арнамент у выглядзе вінаграднай лазы і лістоў аканта). Яго структурную аснову складаюць паярусныя каланады карынфскага ордэра з крапаванымі антаблементамі і фігурнымі франтонамі. Барочнай трактоўкай вызначаецца алтарны абраз Жыровіцкай Маці Боскай у сярэбраным абкладзе. Бакавыя 2-ярусныя алтары больш позняй работы (19 стагоддзе). Іх кампазіцыя пабудавана на аснове карынфскага ордэра з абмежаваннем дэкаратыўнай арнаментыкі. Успенскі сабор злучаны крытымі пераходамі з будынкам семінарыі (на поўначы) і з жылым корпусам манастыра (на поўдні), у 1-м паверсе якога зроблены арачны праезд на тэрыторыю манастыра. (Інфармацыю знайшоў Чувак А.А.)