Вельямовічы. Ушэсцеўская царква
2014.04 Фота: Фёдарава Т.
Гістарычны агляд:

Мураваны храм дамінуе ў цэнтры вёскі. Збудавана ў 1868 г. па хадайніцтву брэсцкага епіскапа Ігнація на месцы папярэдняга струхлелага драўлянага Сімяонаўскага храма. Падрад на будаўніцтва быў узяты мяшчанамі Чарнігаўскай губерні Навазыбкаўскага павета Іосіфам Завенкам, Васілём Хмельнікавым, Гардзеем Аляксеевым, Іванам Цітовым па кантракце 1.8.1865г.' Праект распрацаваў архітэктар І.І.Калянкевіч у 1864 г.'' Знаходзіцца ў стане рэстаўрацыі.

Помнік архітэктуры сінадальнага накірунку рэтраспектыўна-рускага стылю. Прасторавая кампазіцыя мае кананічную 4-часткавую пабудову — да асноўнага кубападобнага аб'ёму праз трапезную далучана 2-ярусная 8-гранная званіца, з тыльнага боку — паўкруглая апсіда. У сілуэце храма дамінавала маляўнічае 5-купалле і шацёр званіцы з макаўкай. Атынкаваныя фасады насычаны архітэктурнай пластыкай, запазычанай са старажытнарускага дойлідства — аркатурныя паясы, арачныя вокны-біфорыумы, аб'яднаныя агульнай кілепадобнай аркай, філёнгавы цокаль, вуглавыя лапаткі, какошнікі, гарадковыя фрызы. Зала храма перакрыта шатровым скляпеннем на ветразях, трапезная  - крыжовым.

----------------------------------------------------

' НГАБ  у г. Гродна , ф. 8, воп. 1, спр. 1557, арк. 48; ф. 97, воп. 1, спр. 19, арк. 54.

'' НГАБ у г. Гродна, ф.8, воп. 1, спр. 1367, арк. 32; ф. 97, воп. 1, спр. 19, арк. 154.

Праваслаўныя храмы Беларусі / А.М. Кулагін, З.Э. Герасімовіч, У.П. Свентахоўскі. - Мн., БелЭн, 2007.