Вострава. Храм Архангела Міхаіла
2007.06 Фота: Арабей В.
Гістарычны агляд:

На паўднёва-заходняй ускраіне вёскі. Пабудавана ў 1862 годзе з цэглы на сродкі маршала Гарабурды. У 1961 г. закрыта, адкрыта ў 1988-1990 гг. Абнесена бутавай агароджай.

Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Падоўжана-восевую кампазіцыю царквы складаюць прытвор з шатровай чацверыковай званіцай, трапезная, малітоўная кубападобная зала і прамавугольная апсіда з бакавымі рызніцамі. Шацёр званіцы, 4-схільны дах малітоўнай залы і цэнтр апсіды завершаны макаўкамі на гранёных барабанах. Плоскасныя бакавыя фасады прарэзаны арачнымі аконнымі праёмамі з архівольтамі, апяразаны прафіляваным карнізам.

(Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусі : Энцыкл. давед. / А. М. Кулагін. – Мінск : “Беларус.Энцыкл.”ім. П. Броўкі, 2007. – C. 89.)

* * *

Астроўская царква была пабудавана маршалкам (пасада ў сойме Вялікага Княства Літоўскага) Слонімскага павета Гарабурдаю, калі пабудавана - невядома (архіўныя звесткі: Гарабурда — дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага 1586 года, зямля, на якой пабудавана царква, належала яму). Будынак царквы каменна-цагляны, у 1862-1863 гадах рамантавана на сродкі ўрада. У 1879 і 1887 гадах царква капітальна адрамантавана на царкоўныя сумы і прыхаджан. У 1896 годзе прымайстраваны цагляны прытвор да царквы з бляшаным дахам. Званіца на 4-х драўляных слупах, у якую змешчана 3 званы. У 1888 годзе пабудавана агароджа вакол царквы з каменя, на сродкі вернікаў.

Пры царкве мелася вартоўня драўляная. У мястэчку Новая Галынка меўся царкоўны дом святара і зямлі 58 дзесяцін. У якім годзе перабудоўвалася званіца пакуль невядома, але з драўлянай была зроблена каменна-цагляная. Меліся царкоўна-прыходскія школы ў вёсках: Востраў, Угрынь, Дуброўка, Барукі, Пінскавічы. Бліжэйшыя царквы: Луконіцкая, Дзярэчынская і Парэцкая. На жаль, звестак з пачатку ХХ стагоддзя да закрыцця царквы ў 1961 годзе не захавалася.

Падчас закрыцця царквы дзяржаўнымі ўладамі з 1962 года царква выкарыстоўвалася як склад збожжа, а потым угнаенняў, з прычыны чаго была даведзена да жаласнага стану, ніхто ў гэты час яе не рамантаваў. У 1990 годзе пачаўся збор сродкаў на адкрыццё царквы, а ў 1993 годзе высокапраасвяшчэнным Філарэтам, Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім, была асвечана.

(Храм Архангела Михаила [Электронный ресурс] // Гроденская епархия Белорусской Православной Церкви Московского Патриархата. – Режим доступа: https://orthos.org/khramy/kartochki-khramov/khram-arkhangela-mikhaila-ostrovo/. – Дата доступа : 28.07.2024.)