Зэльва. Храм Святой Троіцы
2020.07 Фота: Арабей В.
Гістарычны агляд:

Зэльвенская Троіцкая царква, помнік архітэктуры з элементамі архітэктуры псеўдарускага стылю. Пабудавана ў 19 стагоддзі з цэглы (на фундаменце драўлянай царквы 1443 года) у г. п. Зэльва (Зэльвенскі раён). Царква аднанефавая, з прамавугольным у плане асноўным аб’ёмам, квадратнай званіцай і паўкруглай апсідай. Дах двухсхільны. Пад ім па перыметры праходзіць карніз. Аконныя праёмы прамавугольныя. Званіца невысокая, двух’ярусная, з паўцыркульнымі вокнамі і шатровым дахам, над якім узвышаецца невялікі купал на круглым барабане. Унутраная планіроўка амаль поўнасцю зменена. Над уваходам размешчаны хоры з драўлянай агароджай, упрыгожанай разным геаметрычным арнаментам. Алтарная частка вылучана 2 выступамі-пілонамі ў форме порцікаў на 3 калонах. Столь плоская, падшыўная. Царква дзейнічае. А. Ю. Пятросава

(Архітэктура Беларусі : Энцыкл.давед. / Беларус.Энцыкл. – Мінск : “Беларус.Энцыкл.” ім. П.Броўкі, 1993. – С. 224.)

Інфармацыя падрыхтавана: Чувак А.А.

* * *

Зэльвенская Царква Святой Жываначальнай Тройцы мае глыбокія гістарычныя карані. Паводле пісьмовых згадак, храм быў пабудаваны ў 1815 годзе як уніяцкі касцёл па праекце архітэктара Аляксандра Градзецкага на падмурку старажытнай драўлянай праваслаўнай царквы, датаванай па адных крыніцах 1434, па іншых – 1443 годам. І толькі ў 1904-1909 гадах храм перабудаваны намаганнямі святара Іосіфа Янкоўскага на сродкі ўрадавага Сінода і ахвяраванні вернікаў. Па праекце архітэктара І. К. Плотнікава тады ж дабудавана званіца, а ў 1910 годзе кіруючым епіскапам Міхаілам храм зноў асвечаны як праваслаўны. Такім чынам, калі прыняць 1434 год за сапраўдную дату пабудовы першай драўлянай царквы, атрымліваецца, што праваслаўная малітва на гэтым святым месцы гучала яшчэ 575 гадоў таму.

Прыкметай добрай волі Бога да храма з'яўляецца наяўнасць цудатворных святынь. Дзве асабліва ўшанаваныя ў нашым храме іконы, падораныя ў XIX стагоддзі імператарам Аляксандрам II, маюць асаблівае значэнне як найбольш намоленыя. Сярод іх храмавая ікона Найсвяцейшай Тройцы і спіс – дакладная копія з арыгінала – цудатворны Ціхвінскі абраз Маці Божай.

...

Доўгі час пастаяннай прыхаджанкай царквы была рэпрэсаваная ў часы бязбожнага атэістычнага ліхалецця беларуская паэтка Ларыса Антонаўна Геніюш. У храме захавалася напрастольнае Евангелле, абкладзенае яе аксамітам. У памяць глыбокай культурнай хрысціянскай спадчыны, пакінутай Ларысай Геніюш, на тэрыторыі храма ўсталяваны помнік паэтцы. (зараз прыбраны)

Хочацца выказаць сардэчную падзяку ўсім, хто прыняў пасільны ўдзел у падрыхтоўцы нашага храма да 100-гадовага юбілею. Істотную дапамогу ў правядзенні рамонтных работ аказалі абласны і раённы выканаўчыя камітэты, шэраг арганізацый і прадпрыемстваў. Нельга не адзначыць тытанічную працу пастаянных вернікаў храма, якія на працягу некалькіх гадоў ахвяравалі асабісты час, сілы і сродкі дзеля хараства дома Божага. Шмат прац і клопатаў пра храм панесла стараста прыхода Клімуць Ларыса Георгіеўна, за што была ўзнагароджана яго Высокапраасвяшчэнствам, Высокапраасвяшчэннейшым Філарэтам, Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі, медалём Беларускай Праваслаўнай царквы «Святой прападобнай Еўфрасінні Полацкай».

Асабліва словамі падзякі хочацца адзначыць намаганні інжынера УКБ Зэльвенскага Рыка Генадзя Генадзьевіча Панасіка стараннем, і разлікамі якога ажыццёўлена надбудова званіцы.

Работы праводзіліся будаўнічымі брыгадамі з Мінска, Ваўкавыска і Зэльвы, а таксама асобнымі людзьмі.

Дзякуем таксама ўсім людзям добрай волі, якія пасільна дапамагалі будаўніцтву нашай святыні. Як сцвярджае Святое Пісанне: Бог ніколі не застаецца ў абавязку ў чалавека, а гэта значыць, што нават самы маленькі ўклад не станецца без узнагароды.

Аднак, Царква (грэч. Эклесія) - гэта не будынак, а жывыя людзі, якія складаюць цела Хрыстова. Таму мэтай стварэння прыхода з'яўляецца не толькі будаўніцтва сцен храма, але і выхаванне дружнай малітоўнай сям'і.

У цяперашні час абшчына прыхода храма Святой Жываначальнай Тройцы актыўная і дзейсная. Храм аб'ядноўвае вакол сябе маладзёжнае сястрыцтва і нядзельную школу. Перыядычна праводзяцца праваслаўныя моладзевыя злёты і выязныя лагеры. Сталі добрай традыцыяй выступленні са святочнымі тэатральнымі пастаноўкамі выхаванцаў нядзельнай школы на сцэнах дома мастацтваў і РДК.

Браты і сёстры!

Будзем памятаць, што разбуральнікамі цэркваў з'яўляюцца не атэісты - бязбожнікі і ворагі хрысціянства, а самі вернікі, калі аказваецца незапатрабаванай святыня, якая знаходзіцца ў храме. Не мэта царквы зрабіць з хлеба Цела Хрыстова, а мэта з людзей зрабіць цела Хрыстова праз гэты Хлеб. І вось калі мы, прычашчаемся цела Хрыста, ён з'яўляцца нашым кіраўніком. І тады спраўджваюцца на нас словы Госпада, Які сказаў: «калі двое, ці трое збяруцца ў імя Маё, там і Я пасярод іх, і ўсё што не папросяць разам дам ім».

Будзем жа бегчы ў царкву, памятаючы пра тое, што нам самім гэта нашмат больш трэба, чым чалавеку, які нам пра гэта нагадае. Так як наша шчасце і дабрабыт часовае і вечнае залежыць ад таго, наколькі блізка да Бога, крыніцы усякай радасці і шчасця, мы знаходзімся.

Благачынны Зэльвенскай акругі Гродзенскай епархіі, настаяцель прыхода храма Святой Жываначальнай Тройцы г.п. Зэльва протаіерэй Георгій Суботкоўскі.

(Храм Святой Живоначальной Троицы г.п.Зельва [Электронный ресурс] // Гроденская епархия Белорусской Православной Церкви Московского Патриархата. – Режим доступа: https://old.orthos.org/eparhiya/blagochiniya-i-hramy/zelvenskoe/zelva. – Дата доступа : 06.10.2024.)