Галынка. Храм вялікамучаніка Георгія Перамоганосца
2007.06 Фота: Арабей В.
Гістарычны агляд:

в. Старая Галынка
Царква

У цэнтры вёскі. Пабудавана ў пачатку 21 ст. з цэглы.

Вырашана манументальным прамавугольным у плане аб'ёмам з папярочным трансептам, на скрыжаванні якіх узведзены магутны 8-гранны светлавы барабан, завершаны цыбулепадобным купалам. Над фасадам надбудавана 4-гранная званіца, завершаная цыбулепадобным купалам на гранёным барабане. Бакавыя фасады расчлянёны на 3 арачныя праслы з высокімі і вузкімі арачнымі аконнымі праёмамі. Аркатурай крапаваны і франтальны фасад, па цэнтры якога, як і ў крылах трансепта, акруглы аконны праём (характэрны для стылю мадэрн).

(Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусі : Энцыкл. давед. / А. М. Кулагін. – Мінск : “Беларус.Энцыкл.”ім. П. Броўкі, 2007. – C. 379.)

* * *

Указам Віленскай духоўнай кансісторыі ад 13 верасня 1888 года (ст.ст.) за № 4425 было пачата будаўніцтва новай каменнай царквы ў імя святога велікамучаніка Георгія Перамаганосца ў мястэчку Галынка Слонімскага павета. Царква будавалася на грошы, выдзеленыя духоўнай кансісторыяй і на ахвяраванні вернікаў і мецэнатаў. У 1896 годзе 3 лістапада (ст.ст.) адбылося асвячэнне царквы. Царква прастаяла да 1943 года. Падчас ваенных дзеянняў у 1943-1944 гадах (сведчанняў мясцовых жыхароў дакладных пакуль няма) драўляныя часткі царквы згарэлі. У такім паўразбураным стане царква прастаяла да 1972 года. У 1972 годзе сцены, падмурак і царкоўная агароджа былі разбураны.

14 чэрвеня 1995 года Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам было асвечана месца пад будаўніцтва новай царквы.

23 кастрычніка 1996 года адбылася закладка царквы. Службу ўзначальваў епіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій. Царква будавалася на спонсарскую дапамогу дзяржаўных прадпрыемстваў, мясцовага СВК, добраахвотныя ахвяраванні вернікаў пры падтрымцы дзяржаўнай улады.

10 лістапада 2012 года архіепіскапам Гродзенскім і Ваўкавыскім Арцеміем царква была асвечана.

(Храм великомученика Георгия Победоносца [Электронны рэсурс] // Гроденская епархия Белорусской Православной Церкви Московского Патриархата. – Рэжым доступу: https://orthos.org/khramy/kartochki-khramov/khram-velikomuchenika-georgiya-pobedonosfa-golynka/. – Дата доступу : 28.04.2024.)