Груздава. Царква ў гонар Палажэння Рызы Прасвятой Багародзіцы ва Улахерне
2006.06
Гістарычны агляд:

У паўднёвай частцы вёскі. Пабудавана ў 1871 г. з дрэва на месцы зруйнаванай мураванай уніяцкай царквы. З 1990-х гг. дзейнічае.

   Помнік народнага дойлідства з элементамі архітэктуры класіцызму. Чатырохчасткавая падоўжна-восевая кампазіцыя складаецца са званіцы, бабінца, прамавугольнага зруба малітоўнай залы, 3-граннай апсіды. Усе аб'ёмы вылучаны асобнымі гонтавымі дахамі: 2-схільны над асноўным аб'ёмам і бабінцам, вальмавым над апсідай, шатровым над званіцай. Франтон даха асноўнага аб'ёму завершаны макаўкай. Вертыкальна ашаляваныя сцены прарэзаны лучковымі аконнымі праёмамі.

   Зала храма перакрыта драўляным цыліндрычным скляпеннем, якое абапіраецца на кансольныя выступы бакавых сцен. Над уваходам на 2 слупах размешчаны хоры. У храм прыхаджанамі вернуты цудатворны абраз «Маці Божая», які, паводле падання, з'явіўся тут у 1433 г.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4