Мінск. Царква ў гонар вялебных Опцінскіх старцаў
2009.07 Фота: Чувак А.
Гістарычны агляд:

Рэпартаж тэлеканала СТБ

Храм належыць Свята-Серафімаўскаму прыходу г. Мінска, пабудаваны ў 2003 годзе па праекце архітэктара Судзілоўскай. Урачыстае асвячэнне храма адбылося 3 жніўня 2003 года. У вонкавым абліччы храма і званіцы ўдала спалучаюцца традыцыі беларускага драўлянага дойлідства і сучаснасці. Упрыгожваннем храма з'яўляюцца чатырохярусны дубовы разьбяны іканастас і разьбяныя драўляныя кіёты, выкананыя беларускімі майстрамі. Царква захоўвае святыні праваслаўя - часціцу мошчаў св. Мікалая Мірлікійскага ў іконе Свяціцеля - копіі Барскай, асвячонай на раке з мошчамі св. Мікалая ў г. Бары ў Італіі, часціцу мошчаў св. Серафіма Сароўскага, святыя мошчы сарака ўгоднікаў Божых. Ахвярадаўцамі падораны храму абразы 18-19 стст., якія прадстаўляюць мастацкую і гістарычную каштоўнасць - св. Васы Іерусалімскай, З'ява Багародзіцы св. Сергію Раданежскаму, Мікалая Цудатворца. Спісы абразоў у храме - Божай Маці - «Неўпівальная чаша», «Казанская», «Усецарыца», «Дзяржаўная», «Млекапітацельніца», Троіца, святых - Еўфрасінні Полацкай, Сергія Раданежскага, Уладзіміра, Аляксандра Неўскага, Іаана Кранштацкага, Опцінскіх старцаў, лекара Панцеляймона, напісаны мастаком-іканапісцам Алегам Хамутовым. Зусім нядаўна гэтым мастаком напісаны вобраз св. дабраверных Пятра і Фяўронні, заступнікаў сям'і. Настаяцель прыходу протаіерэй Аляксандр Шырытон ў 1999 годзе блаславіў стварэнне пры царкве сястрынства св. страстацерпіцы Аляксандры і моладзевага цэнтра св. Серафіма Сароўскага. Іх дзейнасць накіравана на ўдзел ва ўсіх справах прыходу, аказанне пасільнай дапамогі хворым і маючым патрэбу. У храме размяшчаецца паломніцкі аддзел Мінскай епархіі.

(Інфармацыяй падзяліўся Чувак А.А.)

На вул. Касманаўтаў. Пабудавана ў канцы 20 ст. з дрэва паводле праекта архітэктараў М. Пімашкова і Т. Судзілоўскай.

   Вырашана ў традыцыях старажытнарускага драўлянага дойлідства. Квадратны ў плане зруб храма накрыты шатровым дахам, завершаным магутным 8-гранным светдавым барабанам з цыбулепадобнай галоўкай. Двухслуповы ганак і прамавугольная апсіда з невялікімі бакавымі рызніцамі аб'яднаны агульным 2-схільным дахам, завершаным па ўскрайках макаўкамі. Значны вынас дахаў з дапамогай шэрагу ўкосін стварае на фасадах глыбокую светласць, іх адкрытая зрубная канструкцыя прарэзана прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў дашчатых ліштвах з навісямі-адлівамі на кранштэйнах. У комплексе з царквой і агульным стылёвым вырашэнні знаходзяцца драўляныя збудаванні царкоўнай крамы, брамы і службовага памяшкання.

Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.