Барок. Царква ў імя святога Сімяона Стоўпніка
2008.06 Фота Пятроўскага Г.
Гістарычны агляд:

Спакон вякоў у гістарычных помніках вёска Барок узгадваецца як Баславічы. У склад вёскі Баславічы ўваходзілі само сяло Баславічы і два пасёлкі: Волгін і Барок. У 1969 годзе вёска Баславічы была афіцыйна перайменавана ў вёску Барок. У 1499 годзе ў грамаце Вялікага князя Літоўскага Аляксандра двары Баслаўцы згадваюцца як адзін з буйнейшых населеных пунктаў Слуцкага княства. У 1582 годзе Баслаўцы ўспамінаюцца з нагоды падзелу Слуцкага княства паміж трыма сынамі Алелькавічамі. Баславічы атрымаў малодшы сын князя Юрыя Юр'евіча Аляксандр. У 1591 годзе Аляксандр памірае. Ёе быў халасцяк. Яго маёмасць пераходзіць брату Яну-Сімяону. Але ў сакавіку 1592 года Ян памірае. У яго не было дзяцей. Такім чынам уся маёмасць перайшла да Сафіі, якая на той час ужо была сіратой. Апекуном Сафіі быў яе сваяк Юры Хадкевіч. Дакладная дата пабудавання царквы невядомая. У гістарычных крыніцах пішацца, што царква існавала "издревле". У 1799 годзе царква згарэла. На яе месца была перанесена царква са Слуцка. У 1796 годзе ў прыход уваходзіла 327 двароў. У 1813 годзе - 230 двароў. На 1913 год царкве належала 69 дзесяцін зямлі, якая знаходзілася з паўночна-ўсходняга боку ад царквы. Зараз гэтая зямля называецца "папоўскай". У 1913 годзе ў прыход уваходзіла 480 двароў. У Баслаўцах і в.Бранава дзейнічалі царкоўна-прыхадскія школы. У в.Старцавічы (сучаснае Знамя) Лапацічы дзейнічалі аднакласныя земскія школы. 24 чэрвеня (ст.ст.) 1912 года быў закладзены новы мураваны храм з чырвонай цэглы ў выглядзе крыжа. Царква будавалася ў цагляным стылі. Цэгла, з якой будавалася царква, выраблялася на Баслаўскім цагляным заводзе. На цэгле маецца адбітак "басловцы". У цэглу прымешваліся яйкі. Уладальнікам цаглянага завода быў пан Савелій Барысавец. Цэглу, якая выраблялася на заводзе, называлі Савельеўскай. Яшчэ да рэвалюцыіі 1917 года пан Барысавец прадаў завод і выехаў у Расію, у горад Саратаў. Жонка пана Барысаўца, Сіма, пахавана на Баслаўскіх могілках. Царква будавалася на народныя грошы, якія збіраліся з 1897 года. 17000 рублей выдаткаваў Сінод. Царкву будаваў протаіерэй Іаан Сеўрук. У новай мураванай царкве была скончана званіца і ўсталяваны пазалочаны (як кажуць людзі) крыж. Цэнтральная частка была зведзена да зводаў. Далейшаму будаванню перашкодзіла Першая сусветная вайна і Кастрычніцкі пераварот. У 1927 годзе, як сведчыць рапарт ад 16-га красавіка ў Мінскае Епархіальнае ўпраўленне, царкву ў Баславічах хацелі разабраць, а цэглу выкарыстаць для пабудовы вучылішча ў Слуцку. Ёсць гістарычная звестка, што цэнтральная частка да 1929 года была без даху, як аб гэтым сведчыць вытрымка з газеты "Беларуская вёска" 1-га мая 1929 г. "У вёсцы Баслаўцы Сераднікоўскага сельсавету ёсць недакончаны мураваны будынак царквы.Колькі разоў кулак Ахрэм Караневіч хадзіў па ўсіх веруючых зьбіраць усялякія падпіскі, каб дабудаваць новую царкву, але нічога не дапамагае. Апошні час ён нават прапанаваў, каб хоць саломаю пакрыць царкву, але з гэтага нічога не выйшла. Сяляне! Навошта нам кулацкія тлумачэнні? Калі кулаку хочацца маліцца, дык няхай бярэ папа ў свю хату ды там хоць лоб разьбівае. Чаму не згадзіцца вось з такою думкаю? Мы ўсе павінны праз газэту загаманіць, каб у гэтых сьценах зазьзяла новае сьвятло - святло электрычнае! Гр. Конанчык." НИА РБ ф.2786, оп.1, д.191. І сёння мы можам упэўніцца ў тым, што дах над цэнтральнай часткай і зводы ўнутры не адпавядаюць агульнаму ансамблю царквы. Да 1931 года набажэнствы вяліся ў будынку старой драўлянай царквы, якая знаходзілася метрах у 150 на захад ад мураванай. У 1931 годзе яе разабралі і зрабілі дзіцячыя яслі. Сёння на тым месцы стаяць гаспадарчыя пабудовы. У 60-ых гадах 20-га стагоддзя ў некалькіх кроках на поўнач ад таго месца, дзе стаяла драўляная царква, капалі яму для ўстаноўкі воданапорнай вежы. Было знойдзена скляпенне, у якім быў пахаваны святар, аб чым сведчылі знойдзеныя фрагменты рызы. У 1929 годзе было створана два калгасы. Першы называўся " Будзёнага", у які ўвайшло само сяло Баслаўцы. Другі - "Прагрэс", у склад яго ўвайшлі два пасёлкі - Волгін і Барок. У той час, напэўна, была накрыта цэнтральная частка мураванай царквы, таму што будынак царквы выкарыстоўваўся як зернесховішча і млын. У царкве стаяла паравая машына і быў выкапаны калодзеж. Калодзеж захаваўся да сённяшніх дзён. Дзесьці гадоў пяць-шэсць да пачатку Вялікай Айчыннай вайны 1941 года быў скінуты крыж са званіцы і разбураны сам шацёр. Існуе паданне, што крыж, калі скідалі, пайшоў у зямлю. Яго так і не знайшлі. У верасні 1941 года, як сведчаць старажылы, прыехалі тры ці два бацюшкі, сабралі людзей, выцягнулі паравую машыну. Людзі пазносілі іконы і з таго часу ў царкве вядзецца набажэнства. У Хрушчоўскія часы над царквой навісла новая пагроза - яе хацелі разабраць. Як сведчаць людзі, быў бацюшка па прозвішчу Азбукін, які змог сабраць журналістаў, якія сфатаграфавалі царкву, і напісаўшы артыкул, паслалі ў Маскву. З Масквы прыйшоў адказ пакінуць будынак як архітэктурны помнік. Сапраўды, дзесьці да 2000 года царква лічылася архітэктурным помнікам. У Баслаўцах да рэвалюцыі жыў пан Валажынскі, маёнтак якога знаходзіўся з правага боку ракі Ужанкі, на захад, паміж пасёлкамі Волгін і Барок. Пакоі былі аднапавярховыя, доўгія. Пан Валажынскі арандаваў зямлю Радзівілаў. Панскаю зямлёю лічыліся землі двух пасёлкаў - Волгіна і Барок. Межы панскай зямлі праходзілі праз пасёлак Сахалін, па дарозе, якая цяпер называецца Дубкі, праз вёску Лапацічы, да дарогі, якая ішла ад Лапаціч да царквы. Царква стаяла якраз у пачатку самога сяла Баславічы. Зямля ў Баславічах належала сялянам. Сяляне, якія служылі ў пана, гэта фурман, стальмак, каваль, прыганяты і іншыя, жылі ўздоўж ракі з левага боку, насупраць пакоя пана. На рацэ, недалёка ад царскіх пакояў, быў вадзяны млын. Пасля рэвалюцыі 1917 года пан Валажынскі, як сведчаць старажылы, выехаў у Польшчу. Панскую зямлю пры Савецкай уладзе аддалі ў карыстанне тым, хто працаваў у пана. Зямля ў кіламетры на ўсход ад царквы называецца "Папярочкі". Там калісьці было балота, раслі вялізныя векавыя дубы. Існуе паданне, што сярод дубоў быў востраў. На востраве жылі людзі і стаяла, як кажуць, нейкая царква. Тых людзей называлі Багаслоўцамі. На могілках у Баслаўцах стаяла капліца, аб чым сведчаць валуны. (матэрыял падрыхтаваны Пятроўскім Г.)

 

У цэнтры вёскі. Пабудавана ў 1916 г. з цэглы.

Помнік архітэктуры неарускага стылю. 4-часткавая аб'ёмна-прасторавая кампазіцыя складаецца з прытвора-званіцы, трапезнай, малітоўнай залы з бакавымі прыдзеламі, апсіда з бакавымі рызніцамі.

Складаны сілуэт храма фарміруюць разнастойныя па форме і велічыні дахі: 2-схільныя над прытворам, прыдзеламі і трапезнай, 4-схільны — над малітоўнай залай, вальмавы — над апсідай. Вертыкальнай дамінантай з'яўляецца 8-гранны ярус званіцы з арачнымі прасветамі. Рызаліты галоўнага фасада і прыдзелаў вылучаны парталамі лучковых уваходных праёмаў.

Архітэктура храма насычана цаглянай узорыстасцю — шматлікія крапоўкі, ліштвы арачных аконных праёмаў, аркатурныя фрызы. Унутры малітоўная зала перакрыта крыжовымі скляпеннямі, прыдзелы — цыліндрычнымі, апсіда — конхай; памяшканні злучаны паміж сабой шырокімі арачнымі прасветамі. Над уваходам кансольна навісае галерэя хораў.

 

Праваслаўныя храмы Беларусі / А.М. Кулагін, З.Э. Герасімовіч, У.П. Свентахоўскі. - Мн., БелЭн, 2007.