Карчова. Царква ў імя святога вялебнага Серафіма Сароўскага
2015.03 Фота: Чувак А.
Гістарычны агляд:

Карчова, ад якога атрымаў назву аграгарадок, да канца XVIII стагоддзя было вядома пад назвай Туганавічы. Гэтай вёскай валодалі розныя гаспадары, у тым ліку вялікія князі Казімір, Жыгімонт Стары, з 1567 гэта быў маёнтак Туганоўскіх.

У сярэдзіне 18 ст. двор стаў уласнасцю роду Верашчакаў, якія паходзілі з Кобрынскай зямлі. Каля 1840 г. старэйшая дачка Юзэфа Верашчакі Сафія (сястра Марылі) выйшла замуж за Канстанцыя Туганоўскага і сядзіба зноў апынулася ва ўласнасці старадаўняга роду Туганоўскіх.

На адным з узгоркаў Туганавіцкай сядзібы ўвышалася капліца з фамільнымі пахаваннямі ўладальнікаў маёнтка (разбураная ў 1914г.), абсаджаная па перыметры дубамі. Гэты кампактны прамавугольны ў плане драўляны будынак пад двухсхільным дахам меў гранёную апсіду, а на галоўным фасадзе – чатырохкалонныя “падчэні” і, як усе будынкі сядзібы, адносіўся да познекласіцыстычнага стылю. Культавую прыналежнасць пабудовы вызначаў толькі каталіцкі крыж на вільчыку даха. У 1860-ых гадах капліца была пераасвячона на Свята-Крыжаўзвіжанскую царкву.

Згодна з апісаннем 1864 года ў вёсцы Туганавічы размяшчалася Свята-Крыжаўзвіжанская драўляная царква, пабудаваная памешчыкам Верашчакаю. Царква была прыпісана да Цырынскага Спаса-Праабражэнскага храма. Зямлі 46 дзесяцін. Пры царкве існавала багадзельня.

У апісанні цэркваў і прыходаў Мінскай епархіі 1879 года ў вёсцы Туганавічы згадваецца Свята-Крыжаўзвіжанская царква, прыпісная да Цырынскага Спаса-Праабражэнскагахрама.

 

Рэлігійная абшчына "Прыход храма Свята-Прападобнага Серафіма Сароўскага" в. Карчова была зарэгістравана 30 лістапада 1999 года.

19 снежня 2008 года адбылося асвячэнне і ўсталяванне крыжа Храма ў імя святога вялебнага Серафіма Сароўскага ў вёсцы Карчова.

Храм быў узведзены за чатыры гады дзякуючы ахвяраванням жыхароў бліжэйшых вёсак і матэрыяльнай дапамогі спонсараў.

 

Габрусь Т., Кулагін А., і інш. Страчаная спадчына. Мн., 1998, стар. 223-224.

Историко-статистическое описание Минской епархии, составленное ректором Минской духовной семинарии Архимандритом Николаем, Санкт-Петербург, 1864, Новогрудский уезд, стар. 202-213.

Описание церквей и приходов Минской епархии, Минск, 1879.