Лелікава. Царква ў імя святога вялікапакутніка Дзімітрыя Салунскага
2012.10 Фота: Арабей В.
Гістарычны агляд:

На ўсходняй ускраіне вёскі. Пабудавана ў 18 ст. з дрэва.' У 19 ст. перад царквой пастаўлена 2-ярусная (васьмярык на чацверыку) шатровая званіца з макаўкай.

   Помнік народнага дойлідства. Мае падоўжна-восевую аб'ёмна-прасторавую кампазіцыю, сфарміраваную прамавугольным зрубам з 3-сценнай апсідай, да якой асіметрычна далучаецца рызніца. Зруб накрыты вальмавым дахам, вільчык якога па цэнтры прарэзаны 8-гранным барабанам з цыбулепадобным купалам і па ўскрайках адзначаны крыжамі. Да галоўнага фасада дабудаваны ніжэйшы працяглы, але больш нізкі прытвор пад 2-схільным дахам. Гарызантальна ашаляваныя бакавыя фасады рытмічна прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі і расчлянёны брусамі-сцяжкамі ў прасценках.

  ' Якімовіч Ю.А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся ХVІІ — ХІХ стст. Мн., 1978. С. 90.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.