Шчорсы. Царква ў імя святога вялікапакутніка Дзімітрыя Салунскага
2007.05
Гістарычны агляд:
Помнік архітэктуры барока. Узведзена ў 1770-1776 гадах у цэнтры в. Шчорсы (Навагрудскі раён) уладальнікам маёнтка І. Храптовічам як уніяцкая царква. Будаўніцтвам кіраваў французскі архітэктар Я. Габрыэль. 1-нефавы прамавугольны ў плане храм з прамавугольнымі апсідай і сакрысціямі. На галоўным фасадзе 4-калонны аркадны порцік з 3-вугольным франтонам. Заывершаны фасад фігурным шчытом, за якім размешчана нізкая чацверыковая вежа-званіца з 4-схільным пакрыццём. Бакавыя фасады шырокім прафіляваным карнізам падзелены на два ярусы: ніжні расчлянёны невялікімі прамавугольнымі вокнамі і плоскімі лапаткамі ў прасценках, верхні прарэзаны лучковымі аконнымі праёмамі і завершаны прафіляваным карнізам. Прастора інтэр’ера перакрыта цыліндрычным скляпеннем на распалубках і падпружных арках. Над уваходам – хоры. Сцены дэкарыраваны прафіляваным карнізам, нішамі, падвойнымі пілястрамі карынфскага ордэра. Царква дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння. "Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік", Мінск 1993, стар. 491 (Інфармацыю знайшоў Чувак А.А.)