Агарэвічы. Царква ў імя святога роўнаапостальнага князя Ўладзіміра
2009.05
Гістарычны агляд:

Варта падрабязней спыніцца на царкве вёскі Агарэвічы. Час пабудовы Свята-Ушэсцкай царквы не высветлены. Адзначаецца ў 1910 годзе, як струхнелая. У 1845 годзе, як гаварылася раней, прыход быў скасаваны і аб'яднаны з Вялікакруговіцкім. У 1903 годзе пры царкве была пабудавана драўляная царкоўна-прыходская школа. Царква разабрана ў 1960 гадах. Яна ўяўляла сабой твор народнага драўлянага дойлідства. Храм быў вырашаны прамавугольным зрубам на дубовых стойках-штандартах. Над гонтавым дахам узвышалася галоўка, неашаляваныя фасады чляніліся чатырма аконнымі праёмамі.

Сёння ў Агарэвічах дабудоўваецца новая Свята-Уладзімірская царква. Яна вырашана ў стылізаваных формах маскоўска-яраслаўскага царкоўнага дойлідства XVII стагоддзя па канону чатырохчасткавага храма падоўжана-восевай кампазіцыі: прытвор-званіца (васьмярык на чацвёрыку), трапезная, кубападобная двух’ярусная малітоўная зала з бакавымі прыдзеламі, паўкруглая апсіда з бакавымі рызніцамі. Другі кубападобны светлавы ярус малітоўнай залы апярэзаны какошнікавым парапетам і завершаны цыбулепадобным купалам на цыліндрычным барабане, архітэктурная выразнасць сродкамі арнаментальнай жоўта-чырвонай цаглянай муроўкі: гарадковыя фрызы, ліштвы арачных праёмаў, філёнгавыя вуглавыя лапаткі, аркатурныя парапеты. Цэнтральны ўваход адзначаны арачным двухслуповым рундуком пад двухсхільным пакрыццём, бакавыя – арачнымі парталамі.

http://www.gants-region.info/publ/vitalij_gerasimenja/khryscijanskija_svjatyni_gancawshchyny/chastka_pjataja_vjalikija_krugovichy_agarehvichy/13-1-0-116