Гродна. Царква ў імя святога роўнаапостальнага князя Ўладзіміра
2015.09 Фота: Чувак А.
Гістарычны агляд:

Гродзенская Уладзімірская царква, помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Пабудавана з цэглы ў 1896 годзе (вул. Перамогі, 5) паводле праекта інжынера І.К. Плотнікава. У плане мае 4-часткавую кампазіцыю: званіца, трапезная, асноўны аб’ём, 5-гранная апсіда. Вышынная дамінанта пабудовы – 10-метровая2-ярусная (васьмярык на чацверыку) званіца з шатровым дахам, які завяршаецца цыбулепадобнай галоўкай. У дэкаратыўным аздабленні прасочваюццаформы маскоўскага дойлідства 17 стагоддзя (кілепадобныя франтончыкі на бакавых фасадах, вуглавыя калонкі, ліштвы акон, шматлікія профіліроўкі, арачныя нішы, закамары). Сцены царквы прарэзаны арачнымі і лучковымі аконнымі праёмамі. Філёнгавы фрыз і зубчасты пояс апяразваюць па перыметры ўвесь будынак. Архітэктура інтэр’ера вытрымана ў простых сціплых формах, галоўным кампазіцыйным акцэнтам з’яўляецца разны драўляны іканастас. Унутраная прастора перакрыта плоскай столлю. Царква дзейнічае.

“Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік”, Мінск 1993, стар. 170.