Вілейка. Царква ў імя святой вялебнай Марыі Егіпецкай
2007.07
Гістарычны агляд:

ВІЛЕЙКА. ЦАРКВА ПРАПАДОБНАЙ МАРЫІ ЭГІПЭЦКАЙ Помнік дойлідства рэтраспектыўна-рускага стылю. Пабудаваная ў 1916 г. з цэглы ў г. Вілейка. Храм падоўжна-восевай чатырохчасткавай кампазіцыі: званіца, трапезная, асноўны аб’ём з бакавымі прыдзеламі, паўкруглая апсіда, чатырохсхільны дах асноўнага аб’ёму завершаны пяцігалоўем. Цыбулепадобнай галоўкай завершаны і васьмігранны шацёр двухяруснай званіцы (чацвярык на прастакутным прытворы). Галоўны ўваход вырашаны лучковым праёмам з круглым акном над ім. Атынкаваныя сцены расчлянёныя арачнымі аконнымі праёмамі (падвоенымі ў прыдзелах) і лапаткамі. У дэкоры выкарыстаныя формы старажытна-рускага дойлідства (бочкападобнае перакрыцце прыдзелаў, кілепадобныя ліштвы акон, аркатура, парэбрык, філёнгі). У залу храму, перакрытую плоскай столлю, арачнымі прасветамі расчыняюцца апсіда з конхай і вузкія памяшканні трапезнай і прыдзелаў. У прытворы авальныя памяшканні прасвірні і дзякоўскай з лесвіцай на званіцу. Царква дзейнічае. А.М. Кулагін http://szlachta.io.ua/s210577/doylidstva_belarusi._chastka_2_v-gnezna

У цэнтры горада, на плошчы. Пабудавана ў 1865 г. з цэглы.

Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Невялікі храм вырашаны паводле кананічнай 4-часткавай кампазіцыі: прытвор-званіца, трапезная, малітоўная зала з бакавымі прыдзеламі, паўкруглая апсіда. Чатырохсхільны дах цэнтральнага кубападобнага аб'ёму завершаны невялікім 5-купаллем, узведзенным на 4-граннай платформе. Цыбулепадобнай галоўкай завершаны гранёны шацёр чацверыкоавй званіцы над прытворам (на буйных гранях шатра ўладкаваны гадзіннікі) . Лучковы праём галоўнага ўвахода аформлены высокім парталам з круглым акном-ружай і кілепадобнай аркай у завяршэнні. Арачныя фасады бакавых прыдзелаў накрыты кілепадобным дахам. Такую ж самую форму атрымалі ліштвы арачных адзінарных і здвоеных аконных праёмаў. Архітэктурная пластыка запазычана са старажытнарускага царкоўнага дойлідства: аркатурныя паясы, кілепадобныя аркі, цыбулепадобныя галоўкі, прафіляваныя карнізы з сухарыкамі, лапаткі, філёнгі.

У інтэр'еры плоская столь малітоўнай залы спалучаецца з конхавым пакрыццём апсіды. Над уваходам хоры з бакавой лесвіцай.

Праваслаўныя храмы Беларусі / А.М. Кулагін, З.Э. Герасімовіч, У.П. Свентахоўскі. - Мн., БелЭн, 2007.