Сынкавічы. Храм Архангела Міхаіла
2007.06
Гістарычны агляд:

Сынкавіцкая царква-крэпасць, помнік абарончага дойлідства. Пабудавана на паўночнай ўскраіне вёскі Сынкавічы (Зельвенскі раён) ў канцы 15 – пачатку 16 стагоддзяў з цэглы. Мае рысы стылю готыкі. Трохнефавы 4-стаўповы 3-апсідны мураваны храм зальнага тыпу (у плане – перакошаны прамавугольнік), фланкіраваны па вуглах 4 быявымі вежамі (з захаду гранёныя, з усходу круглыя) з цаглянымі вітымі ўсходамі ўнутры. Мае пояс машыкуляў па версе сцен, накрыты высокім 2-схільным дахам з вострымі тарцовымі шчытамі. Шчыт на галоўным фасадзе аздоблены некалькімі ярусамі розных па форме плоскіх атынкаваных нішаў. Знадворрку апсіды ўверсе аб’яднаны ў адну і накрыты агульным высокім дахам. Пазней прыбудаваны бабінец. У 1880-1881 гадах у час рамонту заменены дах і дабудаваны купал над апсідай, разабраны купал над цэнтральнай часткай храма. У інтэр’еры чатыры 8-гранныя слупы падзяляюць прастору на роўныя пралёты, перакрытыя крыжовымі скляпеннямі з нервюрамі. Цэнтральная і паўночная апсіды перакрыты крыжовымі, паўднёвая – зорчатым скляпеннямі. Сцены атынкаваныя і расчлянёныя прамавугольнымі лапаткамі, аб’яднанымі са слупамі падпружнымі аркамі. Помнік рэспубліканскага значэння.

"Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік", Мінск 1993, стар. 465.

Царква ў імя святога архангела Міхаіла

   На паўночнай ускраіне вёскі. Пабудавана ў канцы 15 — пач. 16 ст. з цэглы. У 1880 — 81 гг. заменены дах, прыбудаваны прытвор і купал над апсідай разабраны купал над цэнтральнай часткай храма (інжынер Трубнікаў) '. У 1926 г. царква стала філіялам навіцыята езуіцкай місіі ў Альбярціне (Слонім) і цэнтрам прыхода ўсходнеславянскага абраду. Адкрыта ў 1988 — 90 гг. Перад храмам бутава-цагляная 2-ярусная 4-гранная званіца, завершаная шатровым дахам.

   Помнік культава-абарончай познагатычна-рэнісанснай архітэктуры. У плане нагадвае старажытна-рускія 4-стоўпныя храмы-трыконхі. Аб'ёмна-прасторавая структура носіць іншы характар — яна з'яўляецца 3-нефавай 4-стоўпнай базілікай з рэнесансным фасадным шчытом. Трохапсідны храм у плане мае выгляд перакошанага прамавугольніка, фланкіраванага па вуглах 4 абарончымі вежамі, гранёнымі на галоўным фасадзе і круглымі на тыльным. У карнізнай частцы праходзіць пояс круглых байніц і арачных машыкуляў. Высокі 2-схільны дах па тарцах закрыты магутнымі востравугольнымі шчытамі, аздобленымі ярусамі атынкаваных аркатур. Нішы былі выбелены, што на фоне чырвонацаглянай муроўкі стварала актыўную колеравую гаму.

   Зала храма чатырма 8-граннымі слупамі расчлянёна на 3 нефы, перакрытыя крыжовымі скляпеннямі з дэкаратыўнымі гатычнымі нервюрамі. Цэнтральная і паўночная апсіды перакрыты крыжовымі скляпеннямі, паўднёвая — зорчатым. Атынкаваныя сцены расчлянёны лапаткамі, якія аб'яднаны са слупамі падпружнымі аркамі. Унутры вежаў вітыя ўсходы, што злучаюць залу з паддашкам, на якім размяшчаўся абарончы ярус царквы. Абраз 1-й чвэрці 19 ст. «Святыя Касма і Даміян». Пастаўлены ў 1-ярусны іканастас.

 ' НГАБ у г. Гродна, ф. 8, воп. 2, спр. 517, арк. 2.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4