Ліда. Кафедральны сабор Архангела Міхаіла
2011.03 Фота: Друпаў А.
Гістарычны агляд:

Лідскі Іосіфаўскі касцёл піяраў, помнік архітэктуры класіцызму. Пабудаваны ў 1797-1825 гадах у Лідзе (вул. Савецкая). На пабудову храма 5000 рублёў ахвяраваў Павел І.

Мураваны храм-ратонда накрыты паўсферычным купалам, завершаны 8-гранным ліхтаром. Да асноўнага круглага ў плане аб’ёму прылягаюць больш нізкія прамавугольныя ў плане аб’ёмы: прытвор з 4-калонным порцікам на галоўным фасадзе і 2-павярховая сакрысція па восі ўсход-захад, невялікія рызаліты з поўдня і воўначы. У дэкоры фасадаў выкарыстаны дарычны ордэр. Порцік і рызаліты ўвянчаны 3-вугольнымі франтонамі. Вокны прамавугольныя. Унутры па перыметры залы размешчаны 8 пар дарычных калон. Побач з касцёлам размешчаны мураваныя 1-павярховы корпус кляштара і 1-ярусная званіца. Кляштар зачынены ў 1832 годзе. Касцёл у 1842 годзе гарэў, у 1863 годзе перароблены на праваслаўную царкву Міхаіла Архангела, пасля Вялікай Айчыннай вайны будынак быў абсталяваны пад планетарый. Помнік рэспубліканскага значэння.

(“Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік”, Мінск 1993, стар. 263-264)

На вул. Савецкай. Будаваўся на працягу 1797 (1794?) – 1825 (1820?) гг. як касцёл св. Іосіфа пры кляштары піяраў. У 1842 г. касцёл гарэў, у 1863 г. перароблены пад праваслаўную царкву архангела Міхаіла. У 1960-я гг. будынак прыстасаваны пад планетарый. У 1971 г. знесена мураваная брама. Побач з храмам размешчаны мураваныя 1-павярховы кляштарны корпус і званіца. Помнік архітэктуры класіцызму з выкарыстаннем дарычнага ордэра.

Класічны храм-ратонда перакрыты паўсферычным купалам з 8-гранным ліхтаром. Да круглага аб’ёму па восі ўсход-захад далучаюцца больш нізкія прамавугольныя прытвор з 4-калонным порцікам і 2-павярховыя сакрысціі, з поўдня і поўначы – невялікія рызаліты. Порцік і рызаліты завершаны трохвугольнымі франтонамі, сцены прарэзаны высокімі прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Унутры па перыметры залы размешчана 8 пар дарычных калон, якія нясуць спрошчаны антаблемент.

Праваслаўныя храмы Беларусі / А.М. Кулагін, З.Э. Герасімовіч, У.П. Свентахоўскі. - Мн., БелЭн, 2007. –стар. 226-227.