Вялікія Жухавічы. Храм апосталаў Пятра і Паўла
2007.05
Гістарычны агляд:

Пабудавана ў 1745 годзе. Побач з царквой у 19 ст. пастаўлена мураваная званіца.

У цэнтры вёскі. Пабудавана ў 1745 г. з дрэва па фундацыі князя Карла Радзівіла. Прыпісана да Пакроўскай царквы ў в. Турэц. У 1890 г. пабудавана драўляная царкоўнапрыходская школа.

Помнік народнага дойлідства. Да прамавугольнага зруба далучаны квадратны прытвор і 5-гранная апсіда з нізкімі бакавымі рызніцамі. Аб'ёмы пры дапамозе трохвугольных застрэшкаў накрыты агульным дахам, цэнтр якога завершаны фігурнай вежачкай. Агульную сіметрычна-восевую пабудову царквы парушае прыбудова да бакавога фасада невялікага прыдзела. Гарызантальна ашаляваныя сцены прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў простых ліштвах.

У інтэр'еры 3-ярусны іканастас на 11 абразоў. Абразы 18 — 19 ст.: «Апосталы Фама і Іаан», «Святая Кацярына», фератрон «Маці Божая з дзіцем» і «Георгій Перамоганосец» (мяжа 18 -  19 ст.).

Побач з царквой у 19 ст. пастаўлена мураваная 2-ярусная званіца пад шатровым дахам, завершаным голоўкай на чацверыковым барабане (мела 4 званы).

  • Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. - Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. - 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4