Полацк . Сафійскі сабор
2005.07
Гістарычны агляд:

ПОЛАЦАК. САФІЙСКІ САБОР Помнік дойлідства ХІ—XVIII стст. Пабудаваны ў Полацку пры князе Усяславе Брачыславічу паміж 1044—66 гг. (паводле іншых звестак у 1050—60 гг.) як праваслаўны мураваны пяцінефавы крыжова-купальны (сем купалоў, паводле іншых звестак пяць) храм з трыма гранёнымі апсідамі. На кожным фасадзе (акрамя ўсходняга) было шэсть прастакутных плоскіх лапатак, якія адпавядалі ўнутранаму падзелу памяшкання шаснаццацю слупамі на нефы, тры сярэднія нефы заканчваліся апсідамі. Над сяродкрыжжам сабору быў цэнтральны купал на барабане. Сцены складзеныя з прыроднага каменю і плінфы ў тэхніцы паласатай муроўкі (муроўка са "схаваным радам", што стварала двухколерную гаму паверхні), характэрнай для Полацкай школы дойлідства. У канцы XV — пачатку XVI стст. перабудаваны ў пяцівежавы храм абарончага тыпу. Неаднойчы разбураўся (у 1607 г. і 1643 г. спалены, у 1710 г. часткова пашкоджаны выбухам, што адбыўся на загад расеёскага цара Пятра І). Паміж 1738—50 гг. перабудаваны (дойлід I.К. Глаўбіц, каменшчык Б. Касінскі) у стылі позняга барока. Храм быў арыентаваны з поўдня на поўнач. У XVIII ст. сабор — трохнефавая мураваная базіліка з дзвюма шмат’яруснымі вежамі на галоўным фасадзе. З усходняга боку ў кампазіцыю сабору ўключаныя рэшткі сцен, склеп і гранёныя апсіды храму 2-й паловы ХІ ст. (даўжыня старой забудовы вызначыла шырыню новай). Старажытныя апсіды і сіметрычная ім прыбудова да заходняга фасаду ўтвараюць своеасаблівы трансепт, гранёныя крылы якога завершаныя ў цэнтры купалам з ліхтарыкамі. Цэнтральны неф на галоўным фасадзе і з боку алтарнай апсіды завершаны фігурнымі атыкавымі франтонамі. Галоўны фасад дэкарыраваны ляпнымі гірляндамі на пілястрах, авальнымі нішамі на гранёных крылах, пінаклямі па кутах ярусаў вежаў і франтонаў. Бакавыя фасады аздобленыя спаранымі пілястрамі і ляпнымі гірляндамі. У інтэр’еры трох’ярусная каменная алтарная перагародка. На яе бакавых дзвярах захаваліся маляўнічыя кампазіцыі XVIII ст. У цэнтры пад трэцім ярусам тэмперная размалёўка XVIII ст. "Тайная вячэра", над ёю ў барочным ляпным картушы — "Спас нерукатворны". Каларыстычная гама размалёвак складаецца з карычневачырвоных, вохрыстых з адценнямі, сіне-блакітных і зялёных тонаў. Алтарная перагародка завершаная гарэльефнай кампазіцыяй "Тройца новазапаветная", выкананая ў стылі сталага барока з элементамі ракако. У старажытнай частцы храму (усходняя апсіда) захаваліся рэшткі фрэсак ХІ ст., колеравая гама чырвоная, зялёная і белая з сіне-блакітнымі, шэра-жоўтымі, карычнева-чырвонымі адценнямі. У будынку сабору пасля рэстаўрацыі (1985 г., дойлід В. Слюнчанка) размешчаная канцэртная зала з арганам. Помнік рэспубліканскага значэння.

У.А. Чантурыя, Т.I. Чарняўская, В В. Церашчатава http://szlachta.io.ua/s211163/doylidstva_belarusi._chastka_5_mensk._metrapaliten-pyaredzelki

Сабор у імя святой праведнай Сафіі

   На высокім стромкім правым беразе Заходняй Дзвіны, пры ўпадзенні ў яе р. Палата. Пабудаваны паміж 1044 — 66 (1050 — 60) гг. з плінфы і бутавага каменю ў цэнтры старажытнага дзядзінца горада (Верхні замак). На вялікім камені ў падмурку храма працарапаны імёны будаўнікоў сабора: Давід, Тома, Мікула, Колес, Пётр, Ворыш.

   Першы ўскосны ўспамін аб полацкай Сафіі ўтрымліваецца ў Наўгародскім летапісе пад 1066 г. У Васкрасенскім летапісе 1156 г. адзначаны «Палтэкс на Дзвіне і на Палаце драўляны, святая Сафія аб сямі версях». Сабор упамінаецца ў «Слове аб паходзе Ігаравым», аўтар якога з захапленнем адзначае: «Тому в Полотьске позвониша... у святыя Сафеи в колоколы, а он в Киеве звон слышал». Гарэў у 1607 г., у 1620 г. збудаваны полацкім архіепіскапам Іасафатам Кунцевічам. У 1643 г. ў Полацку адбыўся вялікі пажар, гарэла і Сафія, але яе зноў адбудавалі. У час Паўночнай вайны 1700 — 21 гг. у 1710 г. будынак храма амаль цалкам разбураны выбухам зробленага ў сутарэннях А. Меншыкавым і Пятром І парахавога склада. Сабор з'яўляўся не толькі заглаўным храмам заходнеславянскага праваслаўя, але і буйным культурна-асветніцкім цэнтрам, пахавальняй полацкіх князёў (раскапана 16 саркафагаў). Тут прымалі паслоў, абвяшчалі вайну і мір, захоўвалі дзяржаўную казну і рэлігійныя святыні. З сярэдзіны 11 ст. да 1579 г. існавала багацейшая па тым часе бібліятэка, архіў дзяржаўных актаў і тэалагічных рукапісаў, папаўненню якіх вельмі садзейнічала Еўфрасіння Полацкая. Бібліятэка разрабавана ў час Лівонскай вайны 1558 — 83 гг. пры штурме горада войскам польскага караля Стафана Баторыя сумесна з езуітамі ў 1579 г. Сабор памятны адбыццём у ім 12.12.1839 г. акта аб'яднання уніятаў з праваслаўнымі.

   Першапачатковы сабор 11 ст. - помнік манументальнага старажытнарускага царкоўнага дойлідства з рысамі раманскай архітэктуры. Уяўляў сабой 5-нефавую крыжова-купальную 16-слуповую 3-апсідную базіліку, завершаную 7 купаламі (паводле іншых даследаванняў — 5); меў даўжыню 31,5 м, шырыню 26,4 м, таўшчыню сцен 1,45 м. Фасады чляніліся 6 лапаткамі адпаведна ўнутранаму падзелу 16 апорнымі слупамі на 5-нефаў, 3 сярэднія з якіх заканчваліся апсідамі. Мае 3 ярусы аконных праёмаў. Над сяродкрыжжам узвышаўся барабан цэнтральнага купала. Сцены былі складзены з бутавага каменю, які чаргаваўся з радамі цэглы-плінфы ў тэхніцы паласатай муроўкі (са «схаваным радам»), што стварала 2-колерную гаму паверхні, характэрную для старажытнарускай школы дойлідства. Ад старажытных славянскіх храмаў адрозніваўся тым, што перад апсідамі меў дадатковае чляненне, з-за чаго яго паўночны і паўднёвы фасады падзелены не на 4, а на 5 праслаў. На апсідах захаваліся некалькі ярусаў 2-ступенчатых ніш і аконных праёмаў, сляды тонкіх паўкалонак. З паўночнага боку да паўночна-заходняга вугла храма далучалася квадратная ў сячэнні вежа (адлюстравана на гравюрах 15 — 18 ст.). Вонкавыя і ўнутраныя лапаткі адпавядалі 8 крыжападобным у сячэнні міжнефавым слупам. У інтэр'еры храм меў П-падобныя хоры, заходняя і паўднёвая галерэя якіх абапіралася на двайныя аркады з цэнтральнай 8-граннай апорай. У канцы 15 — пачатку 16 ст. перабудаваны ў 5-вежавы храм абарончага тыпу. Значна перабудаваны ў 1620 г. пры архіепіскапе Іасафаце Кунцэвічу. У пачатку 18 ст. сабор заняпаў. Паводле заказу полацкага архіепіскапа Фларыяна Грабніцкага ў 1738 — 50 гг. перабудаваны архітэктарам І.К. Глаўбіцам і каменшчыкам Б. Касінскім у стылі віленскага барока па канону базілікальнага каталіцкага храма. Пераарыентаваны з поўдня на поўнач, галоўным фасадам арыентаваны на Заходнюю Дзвіну, а магунай і высокай апсідай — на горад. Адрамантаваны ў 1913 г. пры ўдзеле расійскага архітэктара П.П.Пакрышкіна. У 1918 г. ў саборы быў нямецкі гарнізонны касцёл. У 1945 -69 гг. тут размяшчаліся архіў і база кнігагадлю. Рэстаўрыраваны ў 1985 г. паводле праекта архітэктара В. Слюнчанкі, пасля чаго прыстасаваны пад канцэртную залу з арганам.

   Трохнефавая 1-апсідная 2-вежавая базіліка. Актыўную вертыкальную дынаміку архітэктурнай кампазіцыі надае галоўны фасад, фланкіраваны шмат'яруснымі вытанчаных зграбных прапорцый ажурнымі вежамі і фігурным шчытом паміж імі. Аналагічным шчытом завершана алтарная сцяна. Вежы і фасад дэкарыраваны ляпнымі гірляндамі на пілястрах, авальнымі нішамі, пінаклямі, крапоўкамі, вазамі. Трохвосевыя бакавыя фасады карабля храма рытмічна члянёны высокімі арачнымі аконнымі праёмамі і спаранымі пілястрамі з ляпнымі гірляндамі. Ад сабора 11 ст. захавалася 3-часткавая апсіда (на ўсходнім бакавым фасадзе, вышыня каля 9 м), якой на заходнім фасадзе адпавядала такойжа формы крыло трансепта пачатку 17 ст. Даўжыня старой пабудовы вызначала шырыню новай. Старажытная апсіда і сіметрычныя ёй прыбудовы па заходняй сцяне ўтвараюць своеасаблівы трансепт, гранёныя крылы якога завершаны купалкамі з ліхтарыкамі. Бакавыя фасады аздоблены здвоенымі пілястрамі (у прасценках паміж вузкімі паўцыркульнымі аконнымі праёмамі) і ляпнымі гірляндамі, крапаваны 2 радамі арачных ніш.

   У інтэр'еры з пары складанапрафіляваных пілонаў падзяляюць прастору на 3 нефы (цэнтральны ў 3 разы шырэйшы), перакрытыя цыліндрычнымі скляпеннямі на распалубках. Апсіда вылучана мураванай 3-яруснай алтарнай перагародкай (уніяцкая перапрацоўка іканастаса), якая па сваёй кампазіцыі стварае ўражанне аб'ёмнай шматпланавасці ўнутранай прасторы. У старажытнай частцы храма (усходняя апсіда) захаваліся рэшткі фрэсак 11 ст. (зроблена пробнае раскрыццё). У бакавых частках апсіды размешчаны арнаментальныя матывы, у цэнтральнай — фрагмент «Еўхарысціі». У консе традыцыйная выява Маці Божай Аранты. На паўднёвай сцяне захаваліся рэшткі фрэскавай размалёўкі «Святое прычасце». На ўзроўні аконных праёмаў праходзіць арнаментальная паласа вышынёй каля 100 — 120 см, якая захавалася прыкладна на 80 см злева і справа па баках апсіды. Арыгінальны, незвычайна буйны арнаментальны матыў складаецца з трохлісніка, акаймаванага трохвугольнікам — сімвал адзінства Святой Троіцы. Над арнаментальным поясам відаць, размяшчаўся свяціцельскі чын. Па самым нізе ішоў дэкаратыўны фрыз (захавалася мноства фрагментаў па перыметры апсіды).

   Акрамя тэм «Аранта» і «Святое прычасце», раскрывалася тэма «Услаўленне Маці Божай», а адзін з ярусаў свяціцельскага чыну меў від «Літургіі Божай», дзе ў цэнтры знаходзіўся Хрыстос у вобразе біблейскага отрака Эмануіла (Адзінароднага сына). Добра збярогся фрагмент арнаментаў, які выяўлены падчас рамонту 1910 — 14 гг. у аснаванні 1-га паўночна-ўсходняга слупа. Гэта варыяцыі тыповага візантыйскага арнаменту, які называюць «бегунком», - стылізаванага малюнку вінаграднага сцябла, вядомага яшчэ ў пару ранняга хрысціянства. На бакавых дзвярах алтарнай перагародкі маляўнічыя абразы «Святая Алена» і «Святы Макарый» (18 ст., алей, метал). У цэнтры над 3-м ярусам нанесена тэмперная размалёўка 18 ст. «Тайная вячэра», над якой у барочным ляпным картушы - «Спас Нерукатворны». Каларыстычная гама размалёвак складзена з карычнева-чырвоных, вохрыстых, сіне-блакітных і зялёных таноў. Алтарная перагародка завершана гарэльефнай кампазіцыяй «Троіца новазапаветная», выкананай у стылі ракако (18 ст., тэхніка стука). У цэнтральнай частцы кампазіцыі фігуры Бога Саваофа і Ісуса, галоўкі херувімаў і анёлаў у аблоках. У левай частцы трансепта збераглася размалёўка «Укрыжаванне» (19 ст.) У 1913 г. мастачкай з Віцебска і мясцовым жывапісцам П.А. Зыкавым зроблена рэстаўрацыя абразоў сабора.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4