Магілёў. Храм мучанікаў Барыса і Глеба
2006.07
Гістарычны агляд:

МАГІЛЁЎ. БАРЫСАГЛЕБСКІЯ ЦЭРКВЫ Помнікі дойлідства XIX ст. (зав. Брусава, 2). Комплекс складаецца з двух цагляных будынкаў. Першы ўзведзены ў XVII ст як жылы дом, у XIX ст. перабудаваны пад царкву (у літаратуры вядомая як Барысаглебская, у сапраўднасці называлася Крыжаўзвіжанская). Першапачаткова — аднапавярховы квадратны ў плане будынак, падзелены сцяной на два рознавялікія памяшканні, завяршаўся чатырохсхільным дахам. Меў рысы дэкору, характэрныя для XVII ст. (дэкаратыўны раслінны арнамент, які нагадваў беларускія матывы, фрэска на аўднёвай сцяне, шырокі карніз у верхняй частцы сцяны, які апяразвае па перыметры ўвесь будынак). У XIX ст. палавіна ўсходняй сцяны была пераробленая ў трохгранную апсіду, да заходняй сцяны была прыбудаваная двух’ярусная званіца з шатровым дахам і цыбулепадобнай галоўкай. На вільчыку быў узведзены галоўны драўляны барабан (васьмярык на чацверыку). Перабудова набыла рысы псеўдарускага стылю. Другая царква ўзведзеная ў 1869 г. шасцістаўповы трохнефавы крыжова-купальны храм. У дойлідска-стылявой трактоўцы спалучаныя рысы класіцызму (руставаныя пілястры па вуглах, прафіляваны карніз асноўнага аб’ёму) і маскоўскага культавага дойлідства XVII ст. (пяцікупалле, кілепадобныя завяршэнні закамараў і парталаў, абрыс ліштваў акон). Цэрквы дзейнічаюць.

Г.А. Лаўрэцкі http://szlachta.io.ua/s210970/doylidstva_belarusi._chastka_4_l-mensk._mehanichny_zavod

У завулку Брусава. Пабудавана ў 1869 г. з цэглы.

   Помнік архітэктуры візантыйскага накірунку рэтраспектыўна-рускага стылю. Вырашана прамавугольным, набліжаным у плане да квадрата аб'ёмам з 3 акруглымі апсідамі на алтарнай сцяне. Пакаты 4-схільны дах завершаны 5-купаллем — магутны цыліндрычны светлавы барабан з цыбулепадобным купалам і аднолькавыя па форме, але маштабна паменшаныя вуглавыя «апостальскія» купалкі. Над карнізам галоўнага і бакавых фасадаў узведзены кілепадобныя франтоны, 3 уваходныя парталы і арачныя аконныя праёмы аформлены пластычна насычанымі ліштвамі. Фасады, упрыгожаныя ажурнымі гарадковымі паясамі, насычаны пластычным дэкорам, белізна якога вылучае яго на вохрыстым фоне сцен: вуглавыя руставаныя лапаткі, карніз з абломамі і аркатурным фрызам.

   Малітоўная зала 4 магутнымі пілонамі расчлянёна на 3 нефы, якія завершаны паўкруглымі апсідамі. Пілоны падтрымліваюць купал барабана. Пры ўваходзе 2 слупы нясуць галерэю хораў. У канцы 20 ст. пры царкве пабудавана драўляная капліца — цэнтрычнае 4-граннае збудаванне пад 2-ярусным шатровым дахам. Зрубныя грані капліцы завершаны трохвугольнымі франтонамі, прарэзаны прамавугольнымі аконнымі і дзвярнымі праёмамі.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.