Малыя Жухавічы. Храм Раства Іаана Прадцечы
2007.05
Гістарычны агляд:

У цэнтры вёскі. Пабудавана ў 1782 г. з дрэва, перабудавана ў пачатку 20 ст. У 1882 г. пабудавана драўляная царкоўнапрыходская школа.

   Помнік архітэктуры стылю мадэрн. Вырашана працяглым прамавугольным зрубам, які пераходзіць у 3-гранную апсіду. З франтальнага боку далучаны вузкі квадратны ў плане прытвор, за якім над галоўным фасадам узвышаецца 4-гранная шатровая званіца, завершаная макаўкай на гранёным барабане. Такое ж завяршэнне мае апсіда. Гарызантальна ашаляваныя сцены прарэзаны вузкімі прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў фігурных разных ліштвах. У дэкоры фасадаў выкарыстаны вуглавыя лапаткі, трохвугольныя сандрыкі, фрызы геаметрычнага арнаментальнага малюнку.

   У малітоўную залу выступаюць хоры на 2 слупах, пад якімі перагародкамі вылучаны бакавыя памяшканні лесвіцы і прасвірні. Апсіда вылучана драўляным іканастасам.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.