Мсціслаў. Кафедральны сабор дабравернага князя Аляксандра Неўскага
2006.09
Гістарычны агляд:

МСЦІСЛАЎ. ЦАРКВА АЛЯКСАНДРА НЕЎСКАГА Помнік дойлідства эклектыкі. Пабудаваная ў г. Мсціслаў у 1870 г. з цэглы на месцы мураванага храму (згарэў у 1858 г.). Крыжова-купальны храм мае тры закругленыя рознавялікія апсіды, якія асвятляюцца высокімі паўцыркульнымі вокнамі. Над сяродкрыжжам узвышаецца шлемападобны купал на васьмігранным светлавым барабане. Такі ж па форме, але меншых памераў купал на высокай двух’яруснай званіцы, размешчаны над бабінцам храму. Тарцы трансепту завершаныя трохкутнымі шчытамі. У храме тры ўваходныя парталы: цэнтральны і бакавыя. Парталы і аконныя праёмы абрамленыя дэкаратыўным валікам. Пад карнізам па перыметры будынку праходзіць аркатурны пояс. Для перакрыцця ўнутранай прасторы выкарыстаныя розныя тыпы скляпенняў: у бабінцы крыжовае, у дадатковым аб’ёме і бакавых алтарах — цыліндрычныя з распалубкамі, у апсідах — конхі, у цэнтры — сферычны купал на ветразях. Брама перад царквой уяўляе сабой паўцыркульную арку, над якой узвышаецца невялікая назіральная вежа. Абапал яе размешчаныя невысокія галоўкі. Весніцы ажурныя, чыгуннае ліццё. Царква дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.

А.Ю. Пятросава http://szlachta.io.ua/s211163/doylidstva_belarusi._chastka_5_mensk._metrapaliten-pyaredzelki

У цэнтры горада. Пабудаваны ў 1870 г. з цэглы на месцы бернардзінскага касцёла, які згарэў у 1858 г.

   Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Будынак вырашаны прасторава развітой дынамічнай кампазіцыяй. Яе вертыкальнай дамінантай з'яўляецца надбудаваная над прытворам 2-ярусная чяацверыковая званіца, завершаная гранёным цыбулепадобным купалам. Такім жа купалам завершаны 8-гранны светлавы барабан асноўнага крыжападобнага ў плане аб'ёму. Да яго з усходняга боку далучаны 3-закругленыя апсіды. Атынкаваныя фасады расчлянёны высокімі арачнымі аконнымі праёмамі ў прафіляваных ліштвах, апяразаны прафіляваным карнізам з аркатурным фрызам, крапаваны вуглавымі і прасценачнымі пілястрамі. Тры ўваходы ў храм вырашаны прамавугольнымі праёмамі ў арачным абрамленні, над імі размешчаны вокны-трыфорыумы — усё аб'яднана агульнай прафіляванай аркай.

   У інтэр'еры пануе падкупальная прастора барабана абапёртага цераз ветразі і падпружныя аркі на сцены. Перакрыцце трапезнай і прыдзелаў — цыліндрычнае, апсід — конхавае. Меўся шанаваны абраз «Маці Божая Іверская», набыты ў 1895 г. ў Маскве ў гонар каранаванне Мікалая ІІ.

   З паўночнага боку ад храма пастаўлена мураваная брама, вырашана трайной аркадай, завершанай прамавугольным шчытом з шатровым верхам і какошнікамі ў аснаванні. Над бакавымі арачнымі праёмамі ўзведзены невялікія 4-гранныя купальныя вежачкі.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. - Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. - 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4