Бяроза. Храм Узвіжання Крыжа Гасподняга
Фота Вадзіма Наумука
Гістарычны агляд:

На паўднёвай ускраіне вёскі. Пабудавана ў 1864 г. з дрэва (на месцы храма, які згарэў 2.6.1863 г.), верагодна, паводле праекта губернскага інжынера В.Дзяменцева. Складанне каштарыса і нагляд за будаўніцтвам ажыццявіў літоўскі епархіяльны архітэктар Т.Савіч'. Будаўніцтва вёў майстар са слабоды Чырвоныя Злынкі Чарнігаўскай губерні Васіль Гарбузаў. Імператар ахвяраваў на будаўніцтва 3000 руб.,  М.М Мураўёў — 500 руб.

Помнік народнага дойлідства з рысамі стылю класіцызму. Пабудаваны паводле кананічнай 4-часткавай кампазіцыіі: званіца, выцягнутая трапезная, кубападобны асноўны аб'ём і 5-гранная апсіда з 2 бакавымі рызніцамі. Двухсхільны дах завершаны 8-гранным барабанам з цыбулепадобным гранёным купалам. На галоўным фасадзе дамінуе 2-ярусная шатровая званіца з цыбулепадобнай макаўкай, уваход вылучаны 6-калонным порцікам, 4-калонымі порцікамі дэкарыраваны бакавыя прыдзелы. Гарызантальна ашаляваныя сцены расчлянёны вуглавымі драўлянымі лапаткамі і прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў простых ліштвах.

У інтэр'еры іканастас з разнымі царскімі варотамі 19 ст., абразы 17 - 18 ст. «Маці Божая», «Пакроў», «Успенне Прасвятой Багародзіцы», «Маці Божая з дзіцем Хрыстом і Іаанам» (1800) , «Святыя Пётр і Павел», «Жыціе Хрыста», «Святы велікапакутнік Панцеляіман», «Узнясенне Хрыстова», «Афанасій Брэсцкі», «Віленскія мучанікі Антоній, Іван і Яўстахій», «Святы з дзідай», «Увядзенне ў храм Прасвятой Багародзіцы» (19 ст.), Евангелле (19 ст.).

Праваслаўныя храмы Беларусі / А.М. Кулагін, З.Э. Герасімовіч, У.П. Свентахоўскі. - Мн., БелЭн, 2007.

Апісанне:

Размешчаны на паўднёвай ускраіне вёскі. У наш час гэта трох'ярусны храм з пяцісценнай апсідай і двух'яруснай вежай-званіцай над прытворам, злучаным з асноўным аб'ёмам трапезнай. Па баках прыбудаваныя два невялікія прыдзелы, дэкараваныя чатырма калонамі. Галоўны ўваход вылучаны шасцікалонным порцікам. Сцены гарызантальна абабіты дошкамі. Цэнтральны аб'ём завершаны купалам на васьмігранным светлавым барабане, які абапіраецца на чатыры слупа. Царква – помнік народнага дойлідства з элементамі класіцызму.