Варацэвічы. Храм Узвіжання Крыжа Гасподняга
2016.08 Фота: Фёдарава Т.
Гістарычны агляд:

У цэнтры вёскі. Пабудавана ў 1869 — 72 (1874?) гг. з цэглы; асвячона ў 1872 г. Выбар пляцоўкі пад будаўніцтва і яе план у 1868 г. склаў інжынер-архітэктар Чыкмасаў і прыватны землямер Тарасевіч. Пры расчыстцы пляцоўкі была знесена карчма. Для храма быў выкарыстаны «нармальны» праект № 2 царквы на 300 чалавек. Нейкі час існавала струхлелая драўляная царква, спраектаваная старшым грамадзянскім інжынерам Яноўскім у 1842 г. замест ранейшага храма. Падрадчыкамі з'яўляліся жыхары Чарнігаўскай губерні І.Ц. Сяргееў і яго сын Кузьма. У 1920 — 30 гг. царква была закрыта, царкоўныя рэчы разабралі прыхаджане. Шмат рэчаў вернута ў царкву ў час яе адкрыцця ў 1993 г.

Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Манументальны белакаменны будынак з развітай аб'ёмна-прасторавай кампазіцыяй, якую фарміруюць 3-ярусная шатровая званіца (дабудавана ў 1882), прамавугольная ў плане трапезная, кубападобная малітоўная зала, да якой далучана паўкруглая апсіда. Розная вышыня аб'ёмаў, панаванне сярод іх шматяруснай шатровай званіцы з макаўкай стварае шматпланавую маляўнічую кампазіцыю. Чатырохсхільны дах асноўнага аб'ёму і шацёр званіцы завершаны цыбулепадобнымі галоўкамі на гранёных барабанах. Галоўны ўваход аформлены арачным прафіляваным парталам. Фасады расчлянёны парнымі і адзінарнымі арачнымі аконнымі праёмамі ў руставаных ліштвах. Пластыка фасадаў насычана архітэктурным дэкорам, запазычаным са старажытнарускага царкоўнага дойлідства: аркатурныя фрызы, броўкі, гарадкі, парэбрык, кілепадобныя ліштвы і інш.

У інтэр'еры апсіда раскрываецца ў малітоўную залу шырокім арачным прасветам і вылучана 2-ярусным іканастасам. Вуглы залы скошаны, зала перакрыта плоскай столлю на падугах. Абразы 19 ст., разны ківот і іканастас (спраектаваў у 1870 брэсцкі архітэктар М.Барташэўскі) . Ганаровае месца ў інтэр'еры храма займае абраз «Ісус Хрыстос», падараваны царкве ў дзень яе асвячэння гаспадарамі маёнтка Ордамі (адноўлены 12 снежня 1907).

Вёска — радзіма вядомага мастака-краязнаўца Н.Орды (1807 — 83) , які ў сваёй творчасці зафіксаваў шмат помнікаў культавай архітэктуры Беларусі.

А.М. Кулагін "Праваслаўныя храмы Беларусі" (2007)