Маладзечна. Храм Пакрова Божай Маці
2006.09
Гістарычны агляд:

Помнік дойлідства рэтраспектыўна-рускага стылю. Пабудавана ў 1867—71 гг. з цэглы. У плане ўяўляе сабой традыцыйную чатырохчасткавую схему: званіца, трапезная, трохнефавы квадратны асноўны аб’ём і пяцігранная апсіда, абапал якой прыбудаваныя рызніца і ахвярнік. Над асноўным аб’ёмам узвышаецца васьмігранны светлавы барабан. У дэкоры царквы выкарыстаныя формы маскоўскага дойлідства XVII ст. (кілепадобныя какошнікі, ліштвы акон, шатровыя з макаўкай завяршэнні і інш.). У адрозненне ад большасці помнікаў, створаных у рэтраспектыўна-рускім стылі, званіца і галоўны светлавы барабан царквы маюць аднолькавую дойлідска-пластычную структуру: васьмігранная ў сячэнні канструкцыя завяршаецца какошнікам і шатровым дахам з цыбулепадобнай галоўкай. Гэта надае кампазіцыі будынка цэласнасць і аб’ёмнае адзінства. Царква дзейнічае.

Г.А. Лаўрэцкі http://szlachta.io.ua/s210970/doylidstva_belarusi._chastka_4_l-mensk._mehanichny_zavod

На пл. Свабоды. Пабудавана ў 1867 — 71 гг. з цэглы.

   Помнік архітэктуры сінадальнага накірунку рэтраспектыўна-рускага стылю. Храм 4-часткавай аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі: 2-ярусная шатровая званіца (васьмярык на чацверыку), прамавугольная трапезная, кубападобная малітоўная зала, 5-гранная апсіда з бакавымі рызніцамі. Пакаты 4-схільны дах асноўнага аб'ёму завершаны 8-гранным светлавым барабанам з высокім шатровым верхам, які, як і шацёр званіцы, увянчаны макаўкай. Грані абодвух васьмерыкоў з кілепадобнымі какошнікамі. Фасады члянёны арачнымі аконнымі праёмамі ў арачных парталах. Плоскасці сцен крапаваны вуглавымі лапаткамі, апяразаны прафіляванымі карнізамі і аркатурнымі фрызамі, дэкарыраваны круглымі і крыжовымі разеткамі.

   Унутраная прастора перакрыта агульным цыліндрычным скляпеннем і падзелена на 3 нефы 6 слупамі: 2 слупы падтрымліваюць хоры, 4 цэнтральныя праз ветразі — светлавы барабан з шатровым скляпеннем. Апсіда перакрыта конхай.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.