Тураў. Храм Усіх Святых
2013.05 Фота: Арабей В.
Гістарычны агляд:

На вул. Леніна, на могілках. Пабудавана ў 1810 г. (паводле іншых звестак — у 1870) з дрэва на месцы храма 1801 г. Адкрыта ў 1980 г. ў час святкавання 1000-годдзя горада.

Помнік народнага дойлідства. Трохзрубны храм складаецца з прамавугольнага аб'ёму, у якім аб'яднаны прытвор і бабінец, квадратная ў плане малітоўная зала і апсіда. Першапачаткова зрубы завяршаліся шатровымі дахамі з галоўкамі і крыжамі. У пачатку 20 ст. шатры заменены 2-схільнымі дахамі, над прытворам надбудавана васьмерыковая шатровая званіца. Вертыкальна ашаляваныя фасады прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі, уваход вылучаны 2-слуповым ганкам пад 2-схільнай навіссю.

У малітоўную залу шырокім прамавугольным прасветам адкрываецца бабінец. Апсіда вылучана прасветам са зрэзанымі вугламі і 2-ярусным разным іканастасам, царскія вароты якога выкананы ў стылі ракако.

А.М. Кулагін "Праваслаўныя храмы Беларусі" (2007)